Малы Трасцянец: трагедыя і яе месца

Tour Minsk, BY

Экскурсія знаёміць з падзеямі, што адбываліся ў комплексе лагера смерці Трасцянец, паказваючы іх месца ў гісторыі Халакосту, германскага акупацыйнага рэжыму і вайны на знішчэнне ў 1941-1944 гадах.

Autor: Universität Osnabrück

21 Stationen

Месца выгрузкі і сартавання ў Трасцянцы

Minsk, BY

Малы Трасцянец стаў месцам масавых забойстваў у траўні 1942 года, гэта было наўпрост звязана з пачаткам дэпартацыі яўрэяў з Цэнтральнай Еўропы. Нацысты дастаўлялі сваіх ахвяр грузавікамі і аўтамашынамі-«душагубкамі» з гета і з чыгуначнай станцыі Мінск-Таварны ў Трасцянец, адкуль людзей пасля прыбыцця адпраўлялі на расстрэл ва ўрочышча Благаўшчына. Пазней раскансервавалі чыгуначны пуць, па якім з сярэдзіны жніўня да кастрычніка 1942 года цягнікі з дэпартаванымі ішлі да месца выгрузкі і сартавання ў непасрэднай блізіні ад лагера. З прыбылых людзей у лагер маглі трапіць толькі тыя, хто быў досыць здаровы і дужы, каб выконваць работы. Астатніх чакаў неадкладны расстрэл і пахаванне ў агульных магілах.

Праз забудову ваколіцы Малога Трастянца і ўключэнне вёскі ў мяжу горада ў 1960-я гады сёння немагчыма пэўна вызначыць, дзе дакладна знаходзілася месца выгрузкі і сартавання. Пра яго існаванне сведчыць рэйкавы пуць, які пасля рэстаўрацыі цяпер зноў выкарыстоўваецца.

Дарога ў лагер – «Алея Штраўха»

Minsk, BY

Па «алеі Штраўха» ў лагер дастаўлялі прымусовых рабочых з ліку дэпартаваных яўрэяў і вязняў мінскіх турмаў і гета. Таполі паабапал дарогі пасадзілі, паводле ўспамінаў некалькіх сведак, калі нямецкая служба бяспекі занялася ўладкаваннем лагернай гаспадаркі.

Сведкі называлі гэтую дарогу «алеяй Эдуарда Штраўха». Так звалі камандзіра нямецкай службы бяспекі ў Мінску. Ён планаваў пасля заканчэння вайны пасяліцца ў Трасцянцы і весці гаспадарку, выкарыстоўваючы працу пакінутых жыць яўрэяў.

Забойствы ў адрыне

Minsk, BY

У чэрвені 1944 года Чырвоная армія падышла да Мінска. Германскія акупанты спрабавалі знішчыць сляды і сведак учыненых імі масавых забойстваў. Паводле ацэнак Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі (НДК), каля 6500 зняволеных мінскіх турмаў і апошніх вязняў працоўнага лагера былі сагнаныя 29-30 чэрвеня ў адрыну на тэрыторыі лагера, расстраляныя і спаленыя разам з пабудовай.

Калі 3 ліпеня Чырвоная армія заняла Малы Трасцянец, адрына ўсё яшчэ гарэла. 14 ліпеня мясцовая камісія садзейнічання НДК пачала збіраць доказы масавага знішчэння цывільнага насельніцтва германскімі акупантамі. На руінах адрыны знайшлі асмаленыя целы ахвяр, рэшткі іх адзення і штодзённыя прадметы.

Камісія канстатавала, што забітыя былі савецкімі грамадзянамі. Месца згарэлай адрыны, дзе загінулі тысячы жыхароў Мінска і наваколля, стала важным месцам у лакальнай культуры памяці: шмат хто страціў тут сваякоў ці знаёмых. Менавіта таму на памятным камені, усталяваным у 1961 годзе, увекавечаная памяць аб «савецкіх грамадзянах, закатаваных і спаленых нямецкімі фашыстамі ў чэрвені 1944 года».

Сцепаніда Савінская

Minsk, BY

Сцепаніда Савінская была адной з нямногіх, хто выжыў у апошняй акцыі знішчэння ў Малым Трасцянцы. Савінская нарадзілася ў 1915 годзе; ёй было 29 гадоў, калі яе разам з мужам зняволілі ў лагер на вуліцы Шырокай у Мінску. 30 чэрвеня 1944 года яе і яшчэ 50 жанчын пасадзілі ў грузавы аўтамабіль і прывезлі ў лагер побач з вёскай Малы Трасцянец. Ім загадалі выйсці каля адрыны, у якой ужо ляжалі штабялямі трупы. Пазней Сцепаніда Савінская ўспамінала:

«… на каманду нямецкіх катаў зняволеныя жанчыны па чатыры выходзілі з машыны. […] Неўзабаве чарга дайшла і да мяне, дзе я разам з Галубовіч Ганнай, Сямашкай Юляй і яшчэ адной жанчынай, прозвішча якой не ведаю, … узлезлі наверх складзеных трупаў. […] Калі пачуліся стрэлы, я ўпала і была лёгка паранена ў галаву».

Савінская заставалася ляжаць, пакуль не ўбачыла мажлівасці ўцячы. Разам з двума мужчынамі, якія таксама былі толькі параненыя, яна выбралася з адрыны, перш чым акупанты падпалілі яе, і схавалася ў наваколлі. Мужчын, што ўцякалі з ёю, застрэлілі. Паводле слоў Савінскай, яна некалькі дзён хавалася на балоце, пакуль яе не знайшлі савецкія вайскоўцы.

Пасля вайны Сцепаніда Савінская працавала санітаркай у 3-й амбулаторыі горада Мінска.

Мікалай Валахановіч

Minsk, BY

Мікалай Валахановіч працаваў дзяжурным па станцыі Негарэлае, што за 50 кіламетраў ад Мінска. З красавіка 1943 года ён перадаваў сувязным савецкай выведкі звесткі пра рух грузавых цягнікоў праз станцыю. 20 чэрвеня 1944 года нямецкая служба бяспекі (СД) арыштавала Валахановіча і некалькіх іншых жыхароў вёскі як партызан.

29 чэрвеня 1944 года, калі Чырвоная армія ўжо падступіла да Мінска, акупанты вывезлі Мікалая Валахановіча разам з многімі іншымі на грузавіку з мінскай турмы на вуліцы Валадарскага ў лагер Трасцянец. Яго прывялі на расстрэл у адрыну, дзе ўжо знаходзілася мноства паскладаных адзін на аднаго трупаў людзей. Валахановіч не загінуў ад кулі, але ад ранення страціў вока. Больш за дзень ён хаваўся паміж трупаў, потым выбраўся вонкі, у той час як расстрэлы працягваліся, і ўцёк. Неўзабаве ахоўнікі падпалілі адрыну разам з целамі тысяч забітых.

У пачатку 1960-х гадоў Мікалая Валахановіча запрасілі даць паказанні ў Маскву, бо Савецкі Саюз збіраў матэрыялы для судовага працэсу над службоўцамі СС, які праходзіў у Кобленцы (ФРГ). Да старасці ён браў удзел у памятных урачыстасцях у Малым Трасцянцы, дзе расказваў школьнікам пра перажытае ім. Валахановіч памёр у 1989 годзе ва ўзросце 72 гадоў.

Тэрыторыя лагера

Minsk, BY

У красавіку 1942 года германскія акупанты канфіскавалі маёмасць былога калгаса імя Карла Маркса ў вёсцы Малы Трасцянец. Увесь комплекс знаходзіўся у веданні апарата «камандзіра паліцыі бяспекі ў Мінску» Эдуарда Штраўха — цэнтральнага органа германскіх акупацыйных улад у Беларусі. Гаспадарка лагера служыла як месцам адпачынку для супрацоўнікаў службы бяспекі ў Мінску, так і дадатковым месцам зняволення для жыхароў Мінска. Каб забяспечваць харчаваннем уласныя сілы, на тэрыторыі плошчай каля 250 гектараў акупанты арганізавалі земляробчую і жывёлагадоўчую гаспадарку з выкарыстаннем працы прымусовых рабочых. Апрача таго, з цягам часу ў лагеры адкрыліся майстэрні і асфальтавы завод. Трохі ў баку знаходзіліся абнесеныя калючым дротам баракі, дзе падчас размяшчаліся да 900 прымусовых рабочых.

Рабочых-спецыялістаў прымушалі працаваць у майстэрнях. Іх ахоўвалі дапаможныя вайсковыя падраздзяленні з фольксдойчэ (немцаў, народжаных па-за межамі Германіі), латышоў і ўкраінцаў. Захварэлых работнікаў «адсартоўвалі» ў час рэгулярных аглядаў і адпраўлялі на смерць. Задачай некаторых прымусовых рабочых было разбіраць асабістыя рэчы забітых.

Акупанты набіралі працоўную сілу перш за ўсё з яўрэяў, прывезеных з Цэнтральнай Еўропы, якіх падманвалі пры дэпартацыі запэўніваннямі, што іх чакае «перасяленне на ўсход», а таксама з беларусаў — вязняў мінскіх турмаў. Хаця першапачаткова для прымусовых работ у гаспадарцы акупанты выкарыстоўвалі вязняў мінскіх турмаў, з 1942 года большасць зняволеных у лагеры складалі яўрэі, дэпартаваныя з Цэнтральнай Еўропы. Іх запэўнівалі, што дэпартацыя — гэта «перасяленне на ўсход», але ў лагер траплялі толькі найдужэйшыя з іх. Бальшыню ж дэпартаваных знішчалі адразу пасля прыбыцця ў Малы Трасцянец на паляне ва ўрочышчы Благаўшчына.

Незадоўга да таго, як германскія акупанты адступілі ў канцы чэрвеня 1944 года пад націскам Чырвонай арміі, яны знішчылі прымусовых рабочых, якія яшчэ заставаліся жывыя, і папалілі баракі лагера. У час свайго расследавання ў ліпені 1944 года савецкая Надзвычайная дзяржаўная камісія выявіла толькі рэшткі інфраструктуры былога лагера.

Эдуард Штраўх

Minsk, BY

Эдуард Штраўх, народжаны 17 жніўня 1906 года ў Эсэне, з пачатку вайны на знішчэнне супраць Савецкага Саюза камандаваў падраздзяленнем (айнзацкамандай) у складзе айнзацгрупы А. Яго падначаленыя ўдзельнічалі ў забойстве яўрэяў у Румбульскім лесе пад Рыгай.

З сакавіка 1942 па ліпень 1943 года Штраўх быў камандзірам паліцыі бяспекі і СД у Мінску. Ён зрабіў актыўны ўнёсак у стварэнне лагера смерці Трасцянец, а таксама сельскагаспадарчага прадпрыемства на тэрыторыі лагера, заснаванага на выкарыстанні прымусовай працы. Штраўх планаваў пасля канца вайны пасяліцца ў маёнтку Трасцянец і весці гаспадарку, ужываючы працу пакінутых жыць прымусовых рабочых — яўрэяў.

У 1942–1943 гадах Эдуард Штраўх быў ініцыятарам і арганізатарам працэсу масавага знішчэння людзей у Малым Трасцянцы. У красавіку 1943 года ён абвясціў наконт яўрэяў: «Мяркую, мы ўсё ж можам быць спакойныя, бо іх было, паводле ацэнак, 150 тысяч і 130 тысяч ужо знікла». У канцы ліпеня 1943 года генеральны камісар «Беларусі» Вільгельм Кубэ дакладаў аб «выключна старанным кіраўніку СД — обер-штурмбанфюрары СС, доктару юрыдычных навук Штраўху», які здолеў «усяго за апошнія 10 тыдняў ліквідаваць 55 тысяч яўрэяў».

У 1944 годзе Штраўх пайшоў на падвышэнне і стаў упаўнаважаным камандуючага паліцыі бяспекі і СД у Бельгіі і Паўночнай Францыі. У 1948 годзе ў рамках Нюрнбергскага працэсу ў справе айнзацгруп яго прысудзілі да смерці, але ўжо ў 1952 годзе з прычыны «псіхічнага захворвання» смяротнае пакаранне яму замянілі пажыццёвым зняволеннем. Эдуард Штраўх памёр у турме ў 1955 годзе.

Гірш Кантар

Minsk, BY

Гірш Кантар нарадзіўся 24 жніўня 1914 года ў Мінску. Яго бацькі Мендэль і Сіма мелі чатырох сыноў і дзве дачкі, сям’я жыла адносна заможна. Скончыўшы ў 1928 годзе яўрэйскую школу, Гірш Кантар, як і яго бацька, працаваў механікам на абутковай фабрыцы.

Ужо ў першыя дні пасля нападу нацысцкай Германіі на Савецкі Саюз, 24 чэрвеня 1941 года, дом сям’і Кантар згарэў пры бамбардзіраванні Мінска. Старэйшых братоў Гірша прызвалі на фронт, астатнія сямейнікі засталіся ў акупацыі, і іх зняволілі ў гета. Восенню 1941 года Гірша Кантара як спецыяліста перавялі ў лагер на вуліцы Шырокай, з гэтай жа прычыны ў жніўні 1943 года ён трапіў у лагер Трасцянец, дзе мусіў наладжваць ткацкія машыны для рапаравання адзення. Пра сваё знаходжанне ў лагеры ён успамінаў так:

«У гэтым лагеры быў кароўнік, стайні, майстэрні, дзе было шмат рабочых. Былі гусі. Усё дзеля забеспячэння, відаць, СД [службы бяспекі]. Сеялі жыта, садзілі бульбу. […] Калі я распытваў тых, хто быў у лагеры, [дык былі людзі, што] прыязджалі з Германіі, Аўстрыі, Чэхаславакіі, Польшчы. Было і шмат мінскіх яўрэяў. […] Эшалонамі з Еўропы прывозілі людзей. На вакзале адбіралі тых, хто меў спецыяльнасць. Людзям казалі пакінуць свае чамаданы, іх, маўляў, прывязуць пазней. Людзей адвозілі ў Благаўшчыну і там расстрэльвалі. Чамаданы завозілі ў Трасцянец. Найлепшыя рэчы, часам новыя (дзясяткі тысяч ліхтарыкаў, гадзіннікаў, акуляраў ды інш.) адпраўлялі ў Германію. Пасцельнай бялізны было столькі, што можна было заслаць увесь Мінск, але нам яго не давалі».

Гірш Кантар некалькі разоў спрабаваў уцячы з лагера Трасцянец, але ахова хапала і збівала яго. Незадоўга да знішчэння лагера, 29 чэрвеня 1944 года, яму з групай іншых зняволеных нарэшце ўдаліся ўцёкі. Пасля канца вайны Кантар зноў уладкаваўся на абутковую фабрыку ў Мінску, дзе прапрацаваў да выхаду на пенсію.

Тамара Альбух

Minsk, BY

Тамара Альбух нарадзілася 21 снежня 1918 года ў Мінску. Скончыўшы шэсць класаў яўрэйскай школы, яна ўладкавалася працаваць на шчотачную фабрыку. Пазней Тамара пайшла замуж за механіка Хаіма Гуманава. 3 траўня 1940 года ў іх нарадзілася дачка Сара, 31 жніўня 1941-га — сын Гена.

З пачаткам вайны бацьку і двух братоў Тамары прызвалі ў Чырвоную армію. Астатніх сямейнікаў пасля акупацыі Мінска немцамі зняволілі ў Мінскае гета. Пазней Тамара Альбух так успамінала пра адзін з найбуйнейшых яўрэйскіх пагромаў у Мінску, што адбыўся ў канцы ліпеня 1942 года: «Я паехала на працу, і нас трымалі чатыры дні. Нас не пускалі назад у гета. А як вярнулася я назад з працы у гета, хата наша, дзе жыла маці і дзеці, ужо адышоў да рускага раёна». Можна меркаваць, што служба бяспекі (СД) Мінска забіла маці Тамары і яе дзяцей Сару і Гену як «непрацаздольных» 28 чэрвеня 1942 года ў Благаўшчыне.

Пасля расфарміравання рабочай калоны ў канцы 1942 — пачатку 1943 года Тамару Альбух разам з яшчэ некалькімі маладымі людзьмі адвезлі на грузавой машыне з гета за 12 кіламетраў у лагер Трасцянец. Тут яна стала сведкай масавых забойстваў: «Машына пад’язджала, душагубка, дзверы расчыняліся, і яна, як самазвал, скідала людзей у гэту яму. […] У гэтым месцы, дзе гэтая крэматорыя [так!] была, там стаіць помнік па сённяшні дзень [ва ўрочышчы Шашкоўка]».

У канцы чэрвеня 1944 года Тамары Альбух і яшчэ некалькім вязням пашчасціла ўцячы з лагера. Яны ўзялі матыкі і зрабілі выгляд, нібы ідуць працаваць у поле. Цудам уратаваўшыся, уцекачы змаглі дабрацца да поля ў раёне вёскі Шабаны. Там яны хаваліся, пакуль не даведаліся, што Мінск вызвалены савецкім войскам. Тамара Альбух вырашыла вярнуцца ў лагер: «Што мы там убачылі?! Абпаленых людзей […] абгарэлыя людзі, іх нельга было пазнаць нікога, нікога».

Вярнуўшыся ў Мінск, Тамара Альбух убачыла, што ўсе, з кім яна была сябравала да і ў час вайны, загінулі. Доўгі час яна хадзіла да ўсталяванага ўжо ў 1946 годзе помніка «Яма», галоўнаму месцу памяці аб ахвярах Мінскага гета. Пасля смерці мужа яна на запрашэнне сям’і брата пераехала ў ЗША.

Прымітыўная печ-крэматорый

Minsk, BY

Ужо ў 1942 годзе Чырвоная армія, рухаючыся на захад, знаходзіла месцы расстрэлаў, якія чынілі нацыянал-сацыялістычныя акупанты. Асцерагаючыся мажлівых наступстваў ад выяўлення новых месцаў злачынстваў і савецкай прапаганды, злачынцы распрацавалі стратэгію знішчэння слядоў сваіх масавых забойстваў.

У непасрэднай блізіні ад лагера ў Малым Трасцянцы знаходзілася ўрочышча Шашкоўка. Там у канцы 1943 года пад кіраўніцтвам малодшага афіцэра войскаў СС Рыдэра абсталявалі яму-печ для спальвання трупаў, якая мела замяніць расстрэльнае месца ў Благаўшчыне. У сваім рашэнні злачынцы кіраваліся наступнай логікай: па-першае, Шашкоўка была зусім побач з лагерам СД і яе было прасцей ахоўваць ад усё мацнейшых нападаў партызан. Па-другое, выкарыстанне прымітыўнага крэматорыя замест расстрэльных равоў дазваляла злачынцам забіваць, не пакідаючы трупаў як доказаў сваіх дзеянняў. Да канца чэрвеня 1944 года службоўцы апарата «камандзіра паліцыі бяспекі» ў Мінску з дапамогай калабарацыяністаў расстралялі там тысячы, а магчыма, нават дзясяткі тысяч вязняў турмаў і заложнікаў з ліку цывільнага насельніцтва і спалілі іх целы. Пераход ад пахавання забітых у равах у Благаўшчыне да стварэння прымітыўнага крэматорыя ў Шашкоўцы адбыўся з уласнай ініцыятывы нацысцкіх злачынцаў у Мінску, якія шукалі магчымасці працягваць забойствы, не пакідаючы слядоў у выглядзе трупаў.

У час свайго расследавання летам 1944 года Надзвычайная дзяржаўная камісія (НДК) знайшла ў Шашкоўцы поруч з дзёгцем і гільзамі ад куль таксама фрагменты запальных гранат, якія ўжываліся, напэўна, каб паскорыць спальванне цел тысяч людзей.

Месца прыпынку грузавікоў для выгрузкі ахвяр у Благаўшчыне

Minsk, BY

Гэтая развілка ў непасрэднай блізіні ад расстрэльнай паляны служыла, паводле паказанняў аднаго з удзельнікаў масавых забойстваў у Благаўшчыне, месцам выгрузкі ахвяр з грузавікоў. Так, у час найбуйнейшай знішчальнай акцыі 28 ліпеня 1942 года сюды прывезлі каля 6 тысяч яўрэяў Мінскага гета, а праз дзень — 3 тысячы дэпартаваных заходнееўрапейскіх яўрэяў з так званага зондэргета. Адсюль іх невялікімі групамі выпраўлялі да месца экзекуцыі.

Тыя, хто мусіў чакаць каля месца разгрузкі, каб пайсці ў апошнюю дарогу да паляны ў Благаўшчыне, маглі чуць, што адбываецца ў лесе. Некаторыя спрабавалі ўцячы, але гэтая кароткая дарога, як і ўсё расстрэльнае месца, пільна ахоўвалі супрацоўнікі нямецкай службы бяспекі.

Расстрэльнае месца ў Благаўшчыне

Minsk, BY

На паляне ва ўрочышчы Благаўшчына з траўня 1942 года акупанты каралі смерцю яўрэяў, партызан ды іншых людзей, якія не адпавядалі ідэалам нацысцкай «народнай супольнасці». Гэтае ўрочышча стала самым усходнім месцам, дзе нацысты масава знішчалі дэпартаваных яўрэяў з Заходняй Еўропы, і адначасова адным з найбуйнейшых на акупаванай тэрыторыі Савецкага Саюза.

Сюды прыганялі прымусовых рабочых, каб тыя капалі доўгія і глыбокія равы. Пасля прыбыцця ў Малы Трасцянец многіх дэпартаваных яўрэяў адпраўлялі не ў лагер, а наўпрост у Благаўшчыну. Ахвяр выстройвалі ўздоўж краю ямы і забівалі стрэламі ў патыліцу.
Расстрэльныя каманды змянялі адна адну, ліўся алкаголь. Каб знізіць псіхічную нагрузку на супрацоўнікаў службы бяспекі, акупанты дадаткова выкарыстоўвалі да шасці аўтамабіляў-«душагубак».

Забойствы ў Благаўшчыне працягваліся да канца кастрычніка 1943 года. Усяго, паводле падлікаў савецкай Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, якая ў ліпені 1944 года займалася ва ўрочышчы пошукам слядоў злачынстваў супраць чалавечнасці, акупанты пакінулі тут 34 равы з масавымі пахаваннямі. У рамках аперацыі па ліквідацыі слядоў сваіх дзеянняў яны выкарыстоўвалі савецкіх ваеннапалонных, каб адчыняць ямы-магілы і паліць выцягнутыя трупы.

Макс Штаркман

Minsk, BY

Макс Штаркман нарадзіўся 2 кастрычніка 1880 года ў Вене. 1 снежня 1911 года ён стаў скрыпачом і альтыстам у складзе Венскай дзяржаўнай оперы і Венскага філарманічнага аркестра, у тым жа годзе ён ажаніўся з Эльзай Шымерлінг. Сужэнцы належалі да яўрэйскай рэлігійнай грамады Вены.

Больш за 27 год Штаркман граў на скрыпцы ў Венскім філарманічным аркестры, але 23 сакавіка 1938 года 58-гадовы музыка атрымаў ліст аб прымусовым звальненні: «Гэтым дырэкцыя Дзяржаўнай оперы паведамляе вам, што вас неадкладна адхіляюць ад пасады да далейшых распараджэнняў. З германскім прывітаннем. Дырэкцыя».

5 кастрычніка 1942 года Макс і Эльза Штаркман і яшчэ прыкладна 550 чалавек былі прымусова адпраўленыя на апошнім спецыяльным эшалоне з Аўстрыі ў Малы Трасцянец. Усяго праз чатыры дні муж і жонка разам сустрэлі смерць у Трасцянцы.

Тэрэзія Лёві (Бродзі)

Minsk, BY

Тэрэзія Лёві нарадзілася 9 траўня 1886 года ў Вене, яе бацькі былі артадаксальнымі яўрэямі. 5 траўня 1912 года яна выйшла замуж за афіцэра Ігнаца Бродзі, які ў Першую сусветную вайну даслужыўся да высокіх чыноў, але рана памёр у 1920-я гады ад наступстваў ваенных ран. У сям’і Бродзі было дзве дачкі: Герта і Аліса (Лізі). Лізі своечасова распазнала прыкметы часу і яшчэ ў пачатку 30-х, ва ўзросце 22 год, паехала ў Палесціну. У 1938 годзе яна вярнулася ў Вену, каб выратаваць маці і сястру, але ёй удалося, пераадолеўшы шмат цяжкасцей, у абыход закона вывезці з краіны толькі Герту. Ужо праз некалькі месяцаў усе кантакты з маці Тэрэзіяй Бродзі перарваліся, што выклікала ў Лізі моцнае пачуццё віны. Праз груз віны яна да канца жыцця ўнікала размоў на гэтую тэму і так ніколі і не даведалася дакладна, што здарылася з яе маці.

Эдна Магдэр, дачка Лізі і ўнучка Тэрэзіі Бродзі, нарадзілася ў час Другой сусветнай вайны ў Палесціне, а ў дарослым веку эмігравала ў Канаду. Хаця яна з дзяцінства ведала, што карані яе сям’і ў Вене, ад яе доўга хавалі, чаму ёй не было суджана пазнаёміцца са сваёй бабкай. Толькі пасля смерці маці Эдна Магдэр змагла некалькі разоў з’ездзіць у Еўропу, шукаючы слядоў сямейнай гісторыі. Шляхам росшуку ў архівах, але найперш дзякуючы дапамозе заснавальніцы ініцыятывы «ІМ-МЕР» Вальтраўд Бартан яна нарэшце дазналася, што яе бабку 14 верасня 1942 года дэпартавалі ў Малы Трасцянец, дзе і забілі. Тэма Халакосту дагэтуль адыгрывае ролю асновы ідэнтычнасці ў сям’і Эдны, што адбіваецца таксама на яе дзецях і ўнуках. Асабліва ўражальна гэта здолела выразіць дачка Эдны Рут Абуш-Магдэр у сваім выступленні, прысвечаным дню памяці Халакосту ў Канадзе:

«Я вырасла ў сям’і, у якой кожны дзень быў днём памяці Халакосту. […] Калі ў доме маіх бацькоў садзіліся за стол, ніводны раз не абыходзіўся без згадкі Халакосту або нацыстаў. Я не магу прыпомніць часоў, калі я не ведала, што такое Халокост… Я вырасла ў доме, дзе запасалі ежу і заўсёды мелі план на выпадак уцёкаў. Я штодня жыву ў атмасферы памяці пра гвалт з боку нацыстаў ды іх шматлікіх памагатых, якія імкнуліся забіць не толькі нашых суродзічаў, але і наш дух».

Леа і Фані Кёрнер

Minsk, BY

Сям’я Кёрнер (бацька Леа, маці Фані і сын Генрых Зігхарт) жыла ў Вене, у 2-м раёне, у доме № 13 па вуліцы Ам-Табар. Пасля «аншлюсу» Аўстрыі нацысцкай Германіяй Генрых эміграваў у верасні 1938 года ў ЗША, а яго бацькі засталіся ў Вене. 6 красавіка 1939 года Генрых Кёрнер прыбыў у Нью-Ёрк, дзе змяніў сваё імя на Генры. Ліставанне сына з бацькамі перарвалася ў 1941 годзе. Леа і Фані мусілі перасяліцца ў зборную кватэру па адрасе Рупгасэ 14/6, а 9 чэрвеня 1942 года іх у ліку іншых 1006 пасажыраў дэпартацыйнага спецэшалона Da 206 (Da — гэта скарачэнне ад імя Давід, адсыланне да яўрэйскага сімвала зоркі Давіда) адправілі з венскага вакзала Аспанг цераз Ваўкавыск у Малы Трасцянец, дзе і расстралялі ўдзень 13 чэрвеня ва ўрочышчы Благаўшчына.

У інтэрв’ю са студэнтамі Венскага ўніверсітэта ў 2021 годзе Джозеф Кёрнер, унук Леа і Фані, расказаў, што лёс яго бабкі і дзеда заўсёды заставаўся вялікай сямейнай таямніцай. Сам Генры Кёрнер абраў мастацкі падыход да асэнсавання сваёй сямейнай гісторыі, намаляваўшы бацькоў на карціне «Мае бацькі I» у іх венскай кватэры на вуліцы Ам-Табар.

Ёзэф Вендль

Minsk, BY

Ёзэф Вендль нарадзіўся 3 верасня 1910 года ў Вене. Вывучыўшыся на цырульніка, у 1930 годзе ён паступіў на службу ва ўзброеныя сілы Аўстрыі, але быў выключаны ў 1933 годзе праз сваё сяброўства ў НСДАП (ад снежня 1931 года). Да сакавіка 1938 года Вендль быў у так званым 2-м штурмбане 89-га штандара СС, да якога нелегальна далучыўся шмат хто з былых аўстрыйскіх вайскоўцаў. Разам з гэтым ён зарабляў на жыццё то чорнарабочым, то кіроўцам аўтамабіля. Пасля «аншлюсу» Аўстрыі нацысцкай Германіяй Вендль пайшоў у паліцыю шафёрам і да 1941 года даслужыўся да звання гаўптшарфюрара СС.

У 1942 годзе Ёзэфа Вендля накіравалі служыць на акупаваныя ўсходнія тэрыторыі, дзе ён стаў кіроўцам так званага газвагена. Такія грузавыя фургоны, якія нацысты таксама называлі спецаўтамабілямі, выкарыстоўваліся для забойства шляхам атручэння чадным газам. Лічылася, што метад, вынайдзены афіцэрам СС Вальтэрам Раўфам, «шануе» псіхіку германскіх акупантаў, бо выканаўцы злачынстваў не мусілі самі страляць у ахвяр.

Пасля канца вайны Ёзэфа Вендля арыштавалі і змясцілі ў лагер Кэмп-Маркус пад Зальцбургам, дзе ён знаходзіўся да 1948 года. Ён быў абвінавачаным на двух судовых працэсах, у 1948 і 1970 гадах. Падрыхтоўка да расследавання, якое прывяло да суду 1948 года, пачалася яшчэ ў 1945-м. У ходзе следства былі выяўленыя шматлікія дакументы з пацвярджэннямі таго, што Вендль вельмі рана ўступіў у шэрагі НСДАП і СС. 9 сакавіка 1948 года па абвінавачанні ў дзяржаўнай здрадзе яго прысудзілі да 15 месяцаў катаржнай турмы, але залічылі яго знаходжанне ў лагеры ў тэрмін пакарання, таму Вендль пазбег зняволення.

Штуршком да другога судовага разбору стаў суд у заходнегерманскім Кобленцы ў комплексе спраў аб злачынствах у Малым Трасцянцы. Працэсу, які пачаўся ў 1970 годзе, папярэднічалі два допыты, праведзеныя пасля 1964 года, на якіх Вендль апісваў забіванне людзей наступным чынам:
«Я застаўся сядзець у кабіне аўтамабіля, у той час як службоўцы канвойнай каманды СД з дапамогай рускіх цывільных прыкруцілі газавы шланг, які вёў ад глушыльніка, да злучальнага патрубка пад кузавам газвагена. Пасля таго як шланг быў далучаны, я завёў матор. Я чуў, што ўсярэдзіне аўтамабіля разыгрываліся, напэўна, жудасныя сцэны. Зняволеныя, натуральна, разумелі, што з імі будзе адбывацца, і рэагавалі адпаведна, гучна ці менш гучна. […] Потым канвойная каманда адчыняла дзверы, рускія цывільныя… мусілі выцягваць трупы з аўтамабіля і складаць іх слаямі ў яме».

Пасля пяцігадовага расследавання, якому заміналі іншыя судовыя працэсы і адмова Ёзэфа Вендля супрацоўнічаць са следствам, 12 траўня 1970 года ён паўстаў перад судом прысяжных у Вене, абвінавачаны ў забойстве. Аднак у выніку абвінавачанне было знятае. Прысяжныя абгрунтавалі гэта тым, што Вендль меркаваў, што ў выпадку адмовы выканаць загад яго чакае суровае пакаранне («падпарадкаванне супрацьпраўнаму загаду дзеля крайняй неабходнасці»). Гэтак Ёзэф Вендль не трапіў у лік 50 пайменна вядомых ураджэнцаў Аўстрыі, пакараных за здзяйсненне злачынстваў у Малым Трасцянцы.

Віктар Баршчэўскі

Minsk, BY

Віктар Баршчэўскі нарадзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы Сямёнавічы Шаркаўшчынскага раёна. Ва ўзросце 20 год Баршчэўскі добраахвотна ўступіў у 13-ы беларускі батальён СД. Службоўцы гэтага падраздзялення ўдзельнічалі ў паленні вёсак у ходзе карных акцый і ў знішчэнні Мінскага гета восенню 1943 года. На допытах у 1968 годзе былыя таварышы Баршчэўскага сведчылі наступнае:

«Позна ўвосень […] паліцыянты выганялі вязняў гета з свайго жылля, канваіравалі да брамы гета і пасля таго, як асуджаныя на згубу распраналіся дагала, загружалі не меней за 40 чалавек у «душагубку» і не менее за 20 чалавек у звычайную грузавую машыну. Пасля чаго зноў ехалі ў Трасцянец, дзе «душагубку» разгружалі самі асуджаныя на згубу, а потым на нашу каманду распраналіся дагала і… паліцыянты з усёй наяўнай зброі расстрэльвалі вязняў да таго часу, пакуль тыя не пападалі ўсе забітымі ў канаву». Тады камандзір-немец правяраў выкананне, прычым здаралася, што ён яшчэ і сам пускаў у ход пісталет, каб застрэліць вязняў, якія падавалі прыкметы жыцця. Расстраляўшы прывезеную групу яўрэяў, паліцэйскія вярталіся на машыне ў гета, і ўсё пачыналася зноў.

Пасля вайны Віктар Баршчэўскі не вярнуўся ў родную вёску. Пазней яго арыштавалі, і ў 1986 годзе разам з яшчэ адным былым паліцэйскім прысудзілі да пакарання смерцю.

«Аперацыя 1005»

Minsk, BY

Калі восенню 1943 года акупанты распачалі сістэматычнае вынішчэнне апошніх некалькіх тысяч яўрэяў, якіх утрымлівалі ў Мінскім гета, Чырвоная армія ўжо перайшла ў наступленне на захад і злачынцы з Малога Трасцянца мусілі асцерагацца, што іх дзеянні будуць выкрытыя. Восенню 1943 года старэйшы афіцэр войскаў СС Паўль Блобель атрымаў загад арганізаваць на тэрыторыях на усход ад былых меж Германскага рэйха адмысловыя падраздзяленні, так званыя зондэркаманды, якія мелі задачу схаваць сляды здзейсненых злачынстваў супраць чалавечнасці. Іх дзейнасць атрымала назву «Аперацыя 1005».

27 кастрычніка 1943 года каля 100 савецкіх ваеннапалонных былі адпраўленыя ў Малы Трасцянец адчыняць масавыя пахаванні ва ўрочышчы Благаўшчына. Акупанты называлі гэтыя захады «эксгумацыяй»: прымусовыя рабочыя мусілі жалезнымі крукамі выцягваць з ям трупы, якія часткова ўжо моцна пагнілі, складаць іх штабелямі на дровы і паліць. Ваеннапалонныя, прыцягнутыя да гэтай жахлівай працы, былі непажаданымі сведкамі. Таму пасля заканчэння работ замест абяцанага вызвалення іх таксама знішчалі.

«Аперацыя 1005» у Малым Трасцянцы скончылася 15 снежня 1943 года. З гэтага моманту асноўным месцам знішчэння стаў прымітыўны крэматорый ва ўрочышчы Шашкоўка.

Паўль Блобель

Minsk, BY

У траўні 1942 года пачалася «Аперацыя 1005», мэтай якой было знішчыць сляды масавых злачынстваў на тэрыторыі на ўсход ад былых меж Германскага рэйха. Гэтай «спецыяльнай аперацыяй» кіраваў штандартэнфюрар СС Паўль Блобель.

Да моманту прызначэння камандзірам «зондэркаманды 1005» на сумленні Блобеля ўжо было забойства да 60 тысяч чалавек, пераважна яўрэяў, на тэрыторыі сённяшніх Украіны і Беларусі. Узначаліўшы «Аперацыю 1005», ён мусіў прапанаваць спосаб знішчэння слядоў масавых забойстваў. Летам 1942 года ён пачаў распрацоўваць у лагеры знішчэння Кульмгоф (у польскім Хэлмне) стратэгію працы, якая прадугледжвала ўскрыццё масавых пахаванняў, выманне і спальванне трупаў, перамолванне парэшткаў.

Восенню 1943 года Паўль Блобель прыбыў у Малы Трасцянец, каб арганізаваць знішчэнне слядоў у Благаўшчыне. Калі працэс быў наладжаны, ён паехаў далей. У пачатку траўня 1945 года Блобеля арыштавалі. На Нюрнбергскім працэсе ў справе айнзацгруп у 1947–1948 гадах яго прысудзілі да пакарання смерцю, і ў 1951 годзе прысуд быў выкананы.

Артур Гардэр

Minsk, BY

У 1943 годзе афіцэра войскаў СС Артура Гардэра прыкамандзіравалі да штандартэнфюрара СС Паўля Блобеля дапамагаць у здзяйсненні «Аперацыі 1005» па знішчэнні слядоў нацысцкіх злачынстваў. Гардэр і Блобель разам арганізоўвалі эксгумацыю масавых пахаванняў ва ўрочышчы Благаўшчына.

Як намеснік Блобеля Артур Гардэр адказваў за забеспячэнне рыштунку і матэрыялаў для ліквідацыі слядоў і за набор людзей у «зондэркаманду». У склад гэтага спецыяльнага падраздзялення ўвайшлі падначаленыя камандуючага паліцыяй бяспекі і службай бяспекі (СД) і камандзіра паліцыі бяспекі ў Мінску. Акрамя таго, Гардэр набраў каля 40 чалавек румынскага і венгерскага паходжання з роты фольксдойчэ. Яны ахоўвалі тэрыторыю, на якой прыкладна 100 савецкіх ваеннапалонных займаліся выманнем і спальваннем трупаў. Пасля таго як у снежні 1943 года работы былі скончаныя, ахоўнікі «зондэркаманды» расстралялі ваеннапалонных.

За свае злачынствы ў Малым Трасцянцы Гардэр у 1962 годзе паўстаў перад судом прысяжных у заходнегерманскім Кобленцы. Яго вінавацілі ў тым ліку ва ўдзеле ў спаленні жыўцом трох вязняў-яўрэяў, якія нібыта зладзілі ў Мінску замах на камандуючага паліцыяй бяспекі і СД. Суд расцаніў спаленне трох чалавек жыўцом як забойства, аднак пастанавіў, што Гардэр быў толькі памагатым, і прысудзіў яго да трох з паловай гадоў зняволення. Прысуд не быў выкананы, бо Артур Гардэр памёр 3 лютага 1964 года ў Франкфурце-на-Майне.

Расследаванне Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі ў Благаўшчыне

Minsk, BY

Надзвычайная дзяржаўная камісія па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў (НДК) рухалася за Чырвонай арміяй у час вызвалення акупаваных тэрыторый. Задачай камісіі было дакументаваць сляды злачынстваў, учыненых нацысцкімі акупантамі. Праз два тыдні пасля вызвалення Мінска НДК распачала працу ў Малым Трасцянцы.

20 і 21 ліпеня 1944 года камісія абследавала паляну ва ўрочышчы Благаўшчына, дзе выявіла шэраг западзін у глебе. Гэтыя заглыбленні былі ідэнтыфікаваныя як 34 расстрэльныя равы. Некаторыя з ям адчынілі і вывучылі іх змесціва: масу кальцыніраваных касцей, а таксама асабістыя рэчы забітых.

У акце абследавання камісія апісала ахвяр як «мірных савецкіх грамадзян», праігнараваўшы гэтым самым антысеміцкі аспект нацысцкай вайны на знішчэнне. Паводле ацэнкі камісіі, колькасць забітых у Благаўшчыне склала 150 тысяч чалавек. У найноўшых даследаваннях мяркуецца, што ахвяр было менш. Сябра камісіі М. Ф. Валадзько зрабіў тады ж, у 1944 годзе, план размяшчэння ям-магіл, які паслужыў асновай для праекта мемарыяльных могілак у Благаўшчыне.

Mehr Walks von Universität Osnabrück

Osnabrück 1914-1918 - Digitaler Stadtrundgang

Osnabrück 1914-1918 - Digitaler Stadtrundgang

Dieser Stadtrundgang erzählt die Geschichte Osnabrücks im Ersten Weltkrieg. Die Inhalte wurden im Rahmen mehrerer Forschungsprojekte zur Sozialgesc... Dieser Stadtrundgang erzählt die Geschichte Osnabrücks im Ersten Weltkri...

Universität Osnabrück

40
Maly Trascjanec: Ort und Ereignishorizont

Maly Trascjanec: Ort und Ereignishorizont

Dieser Walk vermittelt Einblicke in die Ereignisse bei Maly Trascjanec im Kontext von Holocaust, Besatzungsherrschaft und Vernichtungskrieg 1941-1944. Dieser Walk vermittelt Einblicke in die Ereignisse bei Maly Trascjanec i...

Universität Osnabrück

21
Maly Trascjanec: Die Erinnerungskultur

Maly Trascjanec: Die Erinnerungskultur

Dieser Walk vermittelt einen Überblick über die auf den Vernichtungsort Maly Trascjanec bezogene Erinnerungskultur. Dieser Walk vermittelt einen Überblick über die auf den Vernichtungsort ...

Universität Osnabrück

17
Малый Тростенец: трагедия и ее место

Малый Тростенец: трагедия и ее место

Экскурсия знакомит с событиями, происходившими в комплексе лагеря смерти Тростенец, показывая их место в истории Холокоста, германского оккупационн... Экскурсия знакомит с событиями, происходившими в комплексе лагеря смерти...

Universität Osnabrück

21
Малый Тростенец: культура памяти

Малый Тростенец: культура памяти

Экскурсия дает представление о местах и традициях памяти о лагере смерти Тростенец. Экскурсия дает представление о местах и традициях памяти о лагере смерти...

Universität Osnabrück

17
Малы Трасцянец: Культура памяці

Малы Трасцянец: Культура памяці

Экскурсія дае ўяўленне пра месцы і традыцыі памяці аб лагеры смерці Трасцянец. Экскурсія дае ўяўленне пра месцы і традыцыі памяці аб лагеры смерці Трас...

Universität Osnabrück

17
Maly Trascjanec: Place and Event Horizon

Maly Trascjanec: Place and Event Horizon

This walk provides insights into the events at Maly Trascjanec in the context of the Holocaust, occupation and the war of extermination in 1941-1944. This walk provides insights into the events at Maly Trascjanec in the co...

Universität Osnabrück

21
Maly Trascjanec: The Culture of Remembrance

Maly Trascjanec: The Culture of Remembrance

This walk provides an overview of the culture of remembrance related to the extermination site in Maly Trascjanec. This walk provides an overview of the culture of remembrance related to ...

Universität Osnabrück

17