17 Stationen
Інфармацыйны знак перад мемарыяльным комплексам
Minsk, BY
Пры ўваходах у мемарыяльны комплекс знаходзяцца аднолькавыя інфармацыйныя знакі. Яны змяшчаюць план мемарыяла і кароткую даведку аб Малым Трасцянцы ў час германскай акупацыі. Інфармацыя даецца на беларускай, рускай і англійскай мовах. У тэксце лагер названы месцам масавага знішчэння больш чым 206 500 чалавек з ліку мірных грамадзян Мінска і Беларусі, падпольшчыкаў, партызанаў і савецкіх ваеннапалонных у перыяд з 1941 па1944 год. Халакост пры гэтым не згадваецца, а яўрэі Мінскага гета, як і дэпартаваныя яўрэі з Заходняй Еўропы, не выдзеленыя з агульнай катэгорыі мірных грамадзян. Такое ўяўленне грунтуецца на высновах савецкай Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі (НДК). Падрабязней гэтая канцэпцыя раскрытая ў экспазіцыі «Лагер смерці Трасцянец», прадстаўленай у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Памятны знак на месцы адрыны
Minsk, BY
Падсумоўваючы вынікі абследавання адрыны, савецкая Надзвычайная дзяржаўная камісія (НДК) канстатавала, што германскія акупанты знішчылі ў ім каля 6500 савецкіх грамадзян. Ужо ў верасні 1944 года работнікі мясцовых калгасаў і прадстаўнікі ўлад правялі тут першы жалобны мітынг у памяць ахвяр. Неўзабаве былі таксама ўсталяваны першыя памятныя знакі, напэўна, драўляныя. Надпіс на іх гаварыў: «Вечная памяць савецкім людзям, якія загінулі ад рук нямецкіх катаў». Аднак у наступныя гады месцы масавых пахаванняў заставаліся недагледжанымі. Гэта стала для сваякоў загінулых у Малым Трасцянцы прычынай звярнуцца да ўладаў з пісьмовым патрабаваннем упарадкаваць брацкія магілы.
З 1961 года мінскія ўлады неаднаразова абнаўлялі мемарыяльныя знакі на месцы былой адрыны, якія мелі нагадваць пра ахвяр Малога Трасцянца з ліку цывільнага насельніцтва. Надпіс на ўсіх помніках заставаўся аднолькавым: «Тут пахаваныя савецкія грамадзяне, закатаваныя і спаленыя нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў чэрвені 1944 года».
Фундаменты будынкаў лагера СД
Minsk, BY
Пры стварэнні постсавецкага мемарыяла на месцы былога працоўнага лагера ў Малым Трасцянцы шэраг фундаментаў, якія выступалі з зямлі, былі агароджаныя і закансерваваныя. Шыльды побач з імі, напрыклад, «Склад чамаданаў», «Лесапільня», «Склеп», указваюць на меркаванае прызначэнне гэтых будынкаў у лагеры.
Аднак нельга выключаць, што асобныя пабудовы, якія цяпер лічаць часткай лагернай інфраструктуры, хаця і знаходзяцца на былой тэрыторыі лагера, але сапраўды паўсталі ўжо ў паваенны час з калгасных патрэб. З другога боку, некалькі наяўных фундаментаў, напрыклад рэшткі дома, у якім, мажліва, жыў камендант лагера, былі пакінутыя па-за ўвагай.
«Брама памяці»
Minsk, BY
У 2010 годзе быў абвешчаны нацыянальны конкурс на праект цэнтральнага помніка-манумента ў запланаваным мемарыяльным комплексе «Трасцянец». Яго пераможцам стаў скульптар Канстанцін Касцючэнка са сваім эскізам «Брама памяці». Вышыня «Брамы памяці» дзесяць метраў, гэта адна з найвышэйшых скульптур у Беларусі. Помнік утварае сімвалічны ўваход на тэрыторыю былога лагера. Ён паказвае зняволеных у лагеры, аблытаных калючым дротам — знакам іх увязнення. Такое мастацкае ўвасабленне ахвяр германскіх акупантаў адлюстроўвае іх азначэнне як мірных савецкіх грамадзян. Пры гэтым той аспект, што Малы Трасцянец быў адным з месцаў Халакосту, застаецца па-за рамкамі ўвагі.
Скульптура «Брама памяці», закансерваваныя фундаменты лагерных пабудоў ды інфармацыйныя шыльды на тэрыторыі былога працоўнага лагера ўтвараюць першую з трох чэргаў мемарыяльнага комплексу, яе ўрачыстае адкрыццё адбылося 22 чэрвеня 2015 года.
«Масіў імёнаў»
Minsk, BY
У Малым Трасцянцы было забіта больш за 9000 аўстрыйцаў. Нягледзячы на такі маштаб трагедыі, Аўстрыя даволі позна распачала расследаванне злачынстваў, учыненых у Беларусі, і ўвекавечанне ахвяр. Толькі пасля скандалу вакол высоўвання Куртам Вальдгаймам, якога падазравалі ў ваенных злачынствах, сваёй кандыдатуры на пасаду федэральнага прэзідэнта (так званая «афера Вальдгайма») настроі ў краіне змяніліся і загучалі пытанні, звернутыя да старэйшых пакаленняў. З узрастаннем увагі да нацысцкага мінулага ў Аўстрыі пачалося таксама станаўленне культуры памяці аб Малым Трасцянцы.
Аднак толькі ў 2018 годзе ў Аўстрыі абвясцілі конкурс на стварэнне манумента ў Малым Трасцянцы, закліканага ўвекавечыць памяць аўстрыйцаў, якіх пераследавалі праз іх яўрэйскае паходжанне. Перамогу аддалі праекту архітэктара Даніэля Занвальда. Увасабленнем ідэі займаўся беларускі скульптар Канстанцін Касцючэнка (аўтар скульптуры «Брама памяці», цэнтральнай кампазіцыі мемарыяла).
Згодна з праектам «Масіў імёнаў» уяўляе сабою гіганцкі каменны блок з глыбокімі расколінамі. Іх колькасць сімвалізуе дзесяць эшалонаў з дэпартаванымі, што былі адпраўлены з Аўстрыі ў Трасцянец. Трэшчыны расколваюць блок на асобныя калоны, якія ўсё ж стаяць настолькі шчыльна адна да адной, што паміж імі не можа прайсці чалавек. Гэта сімвал немагчымасці ўцячы з дэпартацыйнага эшалона.
На калонах пералічаны асабовыя імёны ахвяр, якія ўдалося выявіць дзякуючы транспартным спісам, што захаваліся. Архітэктар Даніэль Занвальд правёў карпатлівую працу, каб не быў забыты ніхто з дэпартаваных. Цяпер кожнае імя, калісьці ўнесенае ў транспартныя спісы, можна прачытаць на гранях манумента. Імёны, якія ў спісах паўтараліся, на помніку пазначаны адзін раз. Усяго тут прыкладна 950 імёнаў.
Урачыстае адкрыццё аўстрыйскага манумента «Масіў імёнаў» прайшло 28 сакавіка 2019 года.
Памятны знак у Шашкоўцы
Minsk, BY
У 1960-я гады вырасла ўвага да гісторыі Малога Трасцянца ў перыяд германскай акупацыі і былі зроблены першыя крокі да стварэння мясцовай культуры памяці. Так, у 1961 годзе ўсталявалі памятны знак на месцы спаленай адрыны. У 1963 годзе ў суседняй вёсцы Вялікі Трасцянец пачалі ўзводзіць абеліск у гонар ахвяр лагера каля Малога Трасцянца. У 1966 годзе з’явіўся помнік у Шашкоўцы, на тым месцы, дзе германскія акупанты збудавалі прымітыўны крэматорый, каб спальваць трупы. Шашкоўка стала апошнім месцам знішчэння ў комплексе Малога Трасцянца, уключаным у савецкую культуру памяці.
Надпіс на памятным знаку гаворыць: «На гэтым месцы фашысцкімі катамі спальваліся мірныя савецкія грамадзяне». Праз гэта помнік аказваецца ўбудаваным у савецкі мемарыяльны наратыў, у рамках якога антысеміцкі аспект германскай вайны на вынішчэнне заставаўся па-за ўвагай, а яўрэяў не разглядалі ў якасці асобнай катэгорыі ахвяр.
З 2018 года ёсць планы стварыць на гэтым месцы новую памятную кампазіцыю. Аднак да цяперашняга часу скульптурны праект «Крэмацыйная яма-печ» у выглядзе дзвюх пакладзеных крыжам чорных бэлек, якія навісаюць над ровам, яшчэ не рэалізаваны.
«Дарога памяці»
Minsk, BY
«Дарога памяці» вядзе да «Брамы памяці», цэнтральнага элемента постсавецкага мемарыяльнага комплексу на былой тэрыторыі лагера. Гэтую частку комплексу ўрачыста адкрылі 22 чэрвеня 2015 года.
Сімвалічная «Дарога памяці» праходзіць па тэрыторыі былога працоўнага лагера і далей да месца былой крэмацыйнай ямы-печы ў Шашкоўцы. Уздоўж яе усталяваныя памятныя знакі, якія інфармуюць аб месцах масавага знішчэння на тэрыторыі Беларусі, акупаванай Германіяй у 1941–1944 гадах, і аб колькасці ахвяр у падзеле па абласцях краіны. Прыведзеная інфармацыя грунтуецца на высновах савецкай Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, зробленых адразу пасля заканчэння ваенных дзеянняў, і з’яўляецца агульнай. Больш поўныя звесткі пра ахвяр можна атрымаць у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску.
«Апошняя дарога» ў Благаўшчыне
Minsk, BY
«Апошнюю дарогу» спраектаваў архітэктар Леанід Мендэлевіч Левін. Яна ўключае ў сябе тры элементы: «Плошчу Жыцця», «Плошчу Парадоксу» і «Плошчу Смерці».
«Плошча Жыцця» вытрымана ў белым колеры — колеры надзеі. Побач з плошчай усталяваныя лаўкі. Шырыня кожнай з іх 47,5 см. Менавіта такой была шырыня месцаў у вагоне трэцяга класа, у якіх дэпартавалі яўрэяў Заходняй Еўропы. На плошчы запланавана ўсталяваць скульптурную групу «Чамаданы». Чамаданы сімвалізуюць падарожжы і надзею, бо дэпартаваных яўрэяў жа да апошняга моманту пераконвалі, што іх чакае «перасяленне на ўсход».
Пэўнага кшталту злучальнымі элементамі паміж плошчамі служаць сімвалічныя «вагоны» з пліт — своеасаблівыя залы памяці. Кожны з іх даўжынёй 20 м, вышынёй 4 м і шырынёй 3,4 м, што адпавядае сапраўдным памерам вагонаў, у якіх апыналіся людзі пры дэпартацыі ў Малы Трасцянец. Вечарамі ў «вагонах» запальваецца падсветка: з сярэдзіны — чырвоная, звонку — белая.
Паводле задумы, на сценах унутры «вагонаў» мусілі з’явіцца імёны загінулых. Імёны тых, каго дэпартавалі з Заходняй Еўропы, захаваліся дзякуючы транспартным спісам. З ахвярамі з Беларусі сітуацыя адваротная: мы ведаем вельмі мала імёнаў ад агульнай колькасці забітых, таму што германскія акупанты наўмысна знішчалі сляды сваіх злачынстваў у Малым Трасцянцы. Каб не ствараць уражання перакосу ў прадстаўленні розных катэгорый ахвяр, было вырашана адмовіцца ад гэтай ідэі.
Наступны элемент — зігзагападобная ў плане «Плошча Парадоксу». У кутах зігзагаў ёсць металічныя ўстаўкі. На гэтых месцах запланавана ўсталяваць скульптуры: перакуленыя дом і дрэва, нахілены крыж, разбітая і перакуленая менора, прастрэленая ікона. Гэтыя скульптуры мусяць сімвалізаваць той факт, што жыццё тут цякло не так, як яно мае цячы. «Плошча Парадоксу» брукаваная няроўным каменнем чырвонага колеру, што мусіць стымуляваць наведвальнікаў да разважанняў пра апошнія імгненні жыцця ахвяр.
«Плошча Смерці» – апошняя плошча мемарыяла. Яна аформленая ў чорным колеры і паказвае сімвалічна тую рысу, за якой жыццё канчалася. «Апошняя дарога», як і ўвесь мемарыяльны комплекс у Благаўшчыне, была адкрыта 29 чэрвеня 2018 года прэзідэнтамі трох краін — Беларусі, Аўстрыі, Германіі.
«Лес імёнаў»
Minsk, BY
Урочышча Благаўшчына з’яўляецца побач з Аўшвіцам-Біркенау адным з тых месцаў, дзе ад рук нацыстаў загінула больш за ўсё аўстрыйцаў. Калі жыхарка Вены Вальтраўд Бартан, якая даведалася пра Малы Трасцянец, шукаючы слядоў лёсу Мальвіны Бартан — першай жонкі свайго дзеда, усвядоміла гэты факт, то гэта падштурхнула яе заснаваць у 2009 годзе ў Аўстрыі суполку ІМ-МЕР. З 2010 года прадстаўнікі арганізацыі прыязджаюць у Благаўшчыну і прымацоўваюць жоўтыя таблічкі з фатаграфіямі ды імёнамі забітых да дрэваў у непасрэднай блізіні ад колішняга расстрэльнага месца. Да іх ініцыятывы далучыліся школа з Вялікага Трасцянца і сваякі загінулых у Трасцянцы яўрэяў, якіх дэпартавалі з Германіі.
У жніўні 2017 года пачалася праца над стварэннем другой чаргі мемарыяльнага комплексу. Намячалася рэалізаваць адразу два асобныя праекты — мемарыяльныя могілкі ў Благаўшчыне паводле планаў прадпрыемства «Мінскпраект» і праект Леаніда Левіна «Дарога смерці». Пры гэтым жоўтыя таблічкі з фатаграфіямі ды імёнамі забітых, усталяваныя ініцыятывай ІМ-МЕР, сталі, хаця гэта і не было прадугледжана, пэўнага кшталту злучальным элементам паміж двума названымі архітэктурнымі праектамі. Тое, што жоўтыя таблічкі з фатаграфіямі ды імёнамі забітых, прымацаваныя да дрэваў у Благаўшчыне, былі ўключаны ў склад мемарыяла, можна лічыць яўным поспехам грамадзянскай супольнасці.
Сёння ў «Лесе імёнаў» побач з больш як 500 жоўтымі таблічкамі, якія нагадваюць пра лёсы яўрэяў, дэпартаваных з Заходняй Еўропы, можна ўбачыць і белыя таблічкі, прымацаваныя мясцовымі жыхарамі у памяць пра сваіх загінулых сваякоў. Дзейнасць арганізацыі «Ініцыятыва „Мальвіна“» спрыяла таксама з’яўленню помніка «Масіў імёнаў» у Малым Трасцянцы.
Помнік у Благаўшчыне
Minsk, BY
У 2002 годзе, амаль праз 60 год пасля вызвалення Мінска, на развілцы ва ўрочышчы Благаўшчына, адкуль вядзе дарога да паляны, якая служыла расстрэльным месцам, паставілі невялікі помнік ахвярам Малога Трасцянца. Да гэтага моманту асноўнае месца масавых расстрэлаў, арганізаванае нацыстамі пад Мінскам, практычна не было інтэграваным у мясцовую культуру памяці.
Надпіс на памятным знаку, усталяваным Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам у супрацоўніцтве з беларускімі недзяржаўнымі арганізацыямі, гаварыла: «На гэтым месцы ў 1941–1943 гадах нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі больш чым 150000 чалавек: савецкіх ваеннапалонных, мінскіх падпольшчыкаў і партызан рэспублікі, грамадзян з розных месцаў рэспублікі, яўрэяў з Мінскага гета і многіх краін Еўропы». Такім чынам гэты помнік стаў першым аб’ектам у лакальным мемарыяльным ландшафце, на якім людзей яўрэйскага паходжання згадалі ў якасці асобнай групы ахвяр лагера смерці Трасцянец. Названая колькасць загінулых у Благаўшчыне (150 тысяч чалавек) грунтуецца на ацэнках савецкай Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, зробленых на падставе вынікаў расследавання, праведзенага ў 1944 годзе.
У 2018 годзе, калі адбывалася мемарыялізацыя месца масавага знішчэння ў Благаўшчыне, тагачасны памятны знак прыбралі і замянілі новым помнікам у «Лесе імёнаў».
Макс Штаркман
Minsk, BY
Макс Штаркман нарадзіўся 2 кастрычніка 1880 года ў Вене. 1 снежня 1911 года ён стаў скрыпачом і альтыстам у складзе Венскай дзяржаўнай оперы і Венскага філарманічнага аркестра, у тым жа годзе ён ажаніўся з Эльзай Шымерлінг. Сужэнцы належалі да яўрэйскай рэлігійнай грамады Вены.
Больш за 27 год Штаркман граў на скрыпцы ў Венскім філарманічным аркестры, але 23 сакавіка 1938 года 58-гадовы музыка атрымаў ліст аб прымусовым звальненні: «Гэтым дырэкцыя Дзяржаўнай оперы паведамляе вам, што вас неадкладна адхіляюць ад пасады да далейшых распараджэнняў. З германскім прывітаннем. Дырэкцыя».
5 кастрычніка 1942 года Макс і Эльза Штаркман і яшчэ прыкладна 550 чалавек былі прымусова адпраўленыя на апошнім спецыяльным эшалоне з Аўстрыі ў Малы Трасцянец. Усяго праз чатыры дні муж і жонка разам сустрэлі смерць у Трасцянцы.
Тэрэзія Лёві (Бродзі)
Minsk, BY
Тэрэзія Лёві нарадзілася 9 траўня 1886 года ў Вене, яе бацькі былі артадаксальнымі яўрэямі. 5 траўня 1912 года яна выйшла замуж за афіцэра Ігнаца Бродзі, які ў Першую сусветную вайну даслужыўся да высокіх чыноў, але рана памёр у 1920-я гады ад наступстваў ваенных ран. У сям’і Бродзі было дзве дачкі: Герта і Аліса (Лізі). Лізі своечасова распазнала прыкметы часу і яшчэ ў пачатку 30-х, ва ўзросце 22 год, паехала ў Палесціну. У 1938 годзе яна вярнулася ў Вену, каб выратаваць маці і сястру, але ёй удалося, пераадолеўшы шмат цяжкасцей, у абыход закона вывезці з краіны толькі Герту. Ужо праз некалькі месяцаў усе кантакты з маці Тэрэзіяй Бродзі перарваліся, што выклікала ў Лізі моцнае пачуццё віны. Праз груз віны яна да канца жыцця ўнікала размоў на гэтую тэму і так ніколі і не даведалася дакладна, што здарылася з яе маці.
Эдна Магдэр, дачка Лізі і ўнучка Тэрэзіі Бродзі, нарадзілася ў час Другой сусветнай вайны ў Палесціне, а ў дарослым веку эмігравала ў Канаду. Хаця яна з дзяцінства ведала, што карані яе сям’і ў Вене, ад яе доўга хавалі, чаму ёй не было суджана пазнаёміцца са сваёй бабкай. Толькі пасля смерці маці Эдна Магдэр змагла некалькі разоў з’ездзіць у Еўропу, шукаючы слядоў сямейнай гісторыі. Шляхам росшуку ў архівах, але найперш дзякуючы дапамозе заснавальніцы ініцыятывы «ІМ-МЕР» Вальтраўд Бартан яна нарэшце дазналася, што яе бабку 14 верасня 1942 года дэпартавалі ў Малы Трасцянец, дзе і забілі. Тэма Халакосту дагэтуль адыгрывае ролю асновы ідэнтычнасці ў сям’і Эдны, што адбіваецца таксама на яе дзецях і ўнуках. Асабліва ўражальна гэта здолела выразіць дачка Эдны Рут Абуш-Магдэр у сваім выступленні, прысвечаным дню памяці Халакосту ў Канадзе:
«Я вырасла ў сям’і, у якой кожны дзень быў днём памяці Халакосту. […] Калі ў доме маіх бацькоў садзіліся за стол, ніводны раз не абыходзіўся без згадкі Халакосту або нацыстаў. Я не магу прыпомніць часоў, калі я не ведала, што такое Халокост… Я вырасла ў доме, дзе запасалі ежу і заўсёды мелі план на выпадак уцёкаў. Я штодня жыву ў атмасферы памяці пра гвалт з боку нацыстаў ды іх шматлікіх памагатых, якія імкнуліся забіць не толькі нашых суродзічаў, але і наш дух».
Леа і Фані Кёрнер
Minsk, BY
Сям’я Кёрнер (бацька Леа, маці Фані і сын Генрых Зігхарт) жыла ў Вене, у 2-м раёне, у доме № 13 па вуліцы Ам-Табар. Пасля «аншлюсу» Аўстрыі нацысцкай Германіяй Генрых эміграваў у верасні 1938 года ў ЗША, а яго бацькі засталіся ў Вене. 6 красавіка 1939 года Генрых Кёрнер прыбыў у Нью-Ёрк, дзе змяніў сваё імя на Генры. Ліставанне сына з бацькамі перарвалася ў 1941 годзе. Леа і Фані мусілі перасяліцца ў зборную кватэру па адрасе Рупгасэ 14/6, а 9 чэрвеня 1942 года іх у ліку іншых 1006 пасажыраў дэпартацыйнага спецэшалона Da 206 (Da — гэта скарачэнне ад імя Давід, адсыланне да яўрэйскага сімвала зоркі Давіда) адправілі з венскага вакзала Аспанг цераз Ваўкавыск у Малы Трасцянец, дзе і расстралялі ўдзень 13 чэрвеня ва ўрочышчы Благаўшчына.
У інтэрв’ю са студэнтамі Венскага ўніверсітэта ў 2021 годзе Джозеф Кёрнер, унук Леа і Фані, расказаў, што лёс яго бабкі і дзеда заўсёды заставаўся вялікай сямейнай таямніцай. Сам Генры Кёрнер абраў мастацкі падыход да асэнсавання сваёй сямейнай гісторыі, намаляваўшы бацькоў на карціне «Мае бацькі I» у іх венскай кватэры на вуліцы Ам-Табар.
Мінскае гета і былыя яўрэйскія могілкі
Minsk, BY
Ужо ў 1946 годзе на ініцыятыву мінскіх яўрэяў, што выжылі, і сваякоў загінулых быў усталяваны памятны знак у гонар ахвяр Мінскага гета. Ён знаходзіцца на месцы расстрэльнай ямы на тэрыторыі былога гета, дзе 2–3 сакавіка 1943 года забівалі вязняў.
Пасля падзення «жалезнай заслоны» у перыяд з 1995 па 2015 год на тэрыторыі былых яўрэйскіх могілак былі ўсталяваныя дзевяць мемарыяльных камянёў, якія нагадваюць пра лёс яўрэяў, дэпартаваных з Германіі, Аўстрыі ды Чэхіі і загінулых у Беларусі. У ліпені 2000 года архітэктар Леанід Левін і скульптарка Эльза Полак стварылі скульптурную кампазіцыю з 27 сімвалічных фігур вязняў гета, якія спускаюцца ў яму. У 2008 годзе на былых яўрэйскіх могілках была ўрачыста адкрыта скульптура «Разбіты агмень» у памяць пра забойства больш чым 5000 яўрэяў у Мінскім гета. Аўтарам помніка таксама з’яўляецца Леанід Левін.
Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна ў Мінску
Minsk, BY
Беларуска-нямецкі праект «Гістарычная майстэрня» пры Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёганэса Рау (ММАЦ / IBB) пачаў сваю працу ў 2003 годзе. Гістарычная майстэрня размясцілася ў будынку на тэрыторыі былога Мінскага гета. Гэты дом быў пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя і стаў сведкам трагічных падзей Халакосту і Другой сусветнай вайны ў Беларусі.
Гістарычнасць месца і будынка вызначае тэматычную скіраванасць працы майстэрні: у цэнтры ўвагі стаіць гісторыя Мінскага гета і лагера смерці Трасцянец. Гістарычная майстэрня адыгрывае ролю адукацыйна-даследніцкага цэнтра па гэтай тэматыцы. Яе будынак служыць таксама месцам, дзе апошнія сведкі Другой сусветнай вайны з Беларусі могуць сустракацца з прадстаўнікамі наступных пакаленняў і дзе ўдзельнікам сустрэч прапануюць прастору для індывідуальнага асэнсавання ўласнай гісторыі.
Мемарыяльныя могілкі ў Благаўшчыне
Minsk, BY
У жніўні 2017 года пачаліся работы па мемарыялізацыі ўрочышча Благаўшчына. Тут у 1942–1943 гадах былі забітыя дзясяткі тысяч людзей: мясцовыя яўрэі — вязні Мінскага гета, яўрэі з Заходняй Еўропы, партызаны, падпольшчыкі і заложнікі з ліку цывільнага насельніцтва.
Пры падрыхтоўцы пляцоўкі пад будаўнічыя работы праводзілася паверхневае абследаванне глебы з мэтай пошуку артэфактаў перыяду акупацыі. Супрацоўнікам Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўдалося знайсці пры гэтым шэраг асабістых рэчаў забітых, а таксама гільзы ад патронаў.
Праект мемарыяльных могілак распрацоўвалі на падставе схемы, складзенай савецкай Надзвычайнай дзяржаўнай камісіяй у ліпені 1944 года. Месцы, ідэнтыфікаваныя камісіяй як расстрэльныя равы, пазначаны ў новым мемарыяле бетонавымі плітамі. Да 29 чэрвеня 2018 года работы па стварэнні мемарыяльных могілак завяршыліся, і ў гэты дзень адбылося ўрачыстае адкрыццё гэтай чаргі мемарыяльнага комплексу з удзелам прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, федэральнага прэзідэнта Германіі Франка-Вальтэра Штайнмаера і федэральнага прэзідэнта Аўстрыі Аляксандра Ван дэр Белена.
Абеліск у Вялікім Трасцянцы
223060 Bol'shoi Trostyanets, BY
Прыкладна за два кіламетры ад тэрыторыі былога лагера прымусовай працы ў Малым Трасцянцы знаходзіцца вёска Вялікі Трасцянец. У 1963 годзе тут узвялі абеліск, які мае нагадваць пра ахвяр масавага знішчэння ў наваколлі.
Улады савецкай Беларусі абралі Вялікі Трасцянец месцам усталявання абеліска, каб помнік быў добра відаць і да яго было зручна дабірацца. Аднак праз тое, што мемарыяльныя практыкі цяпер звязваліся з абеліскам, у прыватнасці, менавіта тут праводзілі памятныя мерапрыемствы, шмат у каго склалася скажонае ўяўленне аб гістарычным ландшафце: Вялікі Трасцянец усё часцей успрымалі ў якасці месца, дзе, уласна, і адбываліся нацысцкія злачынствы.
Надпіс на абеліску зроблены на беларускай мове, ён гаворыць: «Тут, у раёне вёскі Трасцянец, нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі, закатавалі, спалілі 201500 чалавек мірных грамадзян, партызан, ваеннапалонных Савецкай арміі. 1941–1944 гг.» Названыя лічбы адлюстроўваюць ацэнкі Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, зробленыя ёю ў 1944 годзе. Яўрэі не згадваюцца як асобная катэгорыя ахвяр.
Mehr Walks von Universität Osnabrück

Osnabrück 1914-1918 - Digitaler Stadtrundgang
Dieser Stadtrundgang erzählt die Geschichte Osnabrücks im Ersten Weltkrieg. Die Inhalte wurden im Rahmen mehrerer Forschungsprojekte zur Sozialgesc... Dieser Stadtrundgang erzählt die Geschichte Osnabrücks im Ersten Weltkri...

Lager II Aschendorfermoor – Transformation einer Konfliktlandschaft
Begeben Sie sich auf einen Rundweg um den historischen Ort des ehemaligen Strafgefangenenlagers II Aschendorfermoor. Es wurde 1935 erbaut und durch... Begeben Sie sich auf einen Rundweg um den historischen Ort des ehemalige...

Rundweg 'Emslandlager'
Zwischen 1933 -1945 wurden 15 Konzentrations-, Straf- und Kriegsgefangenenlager im Emsland errichtet, die Abbild des menschenverachtenden Systems d... Zwischen 1933 -1945 wurden 15 Konzentrations-, Straf- und Kriegsgefangen...

Maly Trostenez
Dieser DigiWalk erschließt Ereignishorizont und Erinnerungskultur des Vernichtungsortes Maly Trostenez bei Minsk in Belarus. Dieser DigiWalk erschließt Ereignishorizont und Erinnerungskultur des Ve...

Maly Trascjanec: Ort und Ereignishorizont
Dieser Walk vermittelt Einblicke in die Ereignisse bei Maly Trascjanec im Kontext von Holocaust, Besatzungsherrschaft und Vernichtungskrieg 1941-1944. Dieser Walk vermittelt Einblicke in die Ereignisse bei Maly Trascjanec i...

Maly Trascjanec: Die Erinnerungskultur
Dieser Walk vermittelt einen Überblick über die auf den Vernichtungsort Maly Trascjanec bezogene Erinnerungskultur. Dieser Walk vermittelt einen Überblick über die auf den Vernichtungsort ...

Малый Тростенец: трагедия и ее место
Экскурсия знакомит с событиями, происходившими в комплексе лагеря смерти Тростенец, показывая их место в истории Холокоста, германского оккупационн... Экскурсия знакомит с событиями, происходившими в комплексе лагеря смерти...

Малый Тростенец: культура памяти
Экскурсия дает представление о местах и традициях памяти о лагере смерти Тростенец. Экскурсия дает представление о местах и традициях памяти о лагере смерти...

Малы Трасцянец: трагедыя і яе месца
Экскурсія знаёміць з падзеямі, што адбываліся ў комплексе лагера смерці Трасцянец, паказваючы іх месца ў гісторыі Халакосту, германскага акупацыйна... Экскурсія знаёміць з падзеямі, што адбываліся ў комплексе лагера смерці ...

Maly Trascjanec: Place and Event Horizon
This walk provides insights into the events at Maly Trascjanec in the context of the Holocaust, occupation and the war of extermination in 1941-1944. This walk provides insights into the events at Maly Trascjanec in the co...

Maly Trascjanec: The Culture of Remembrance
This walk provides an overview of the culture of remembrance related to the extermination site in Maly Trascjanec. This walk provides an overview of the culture of remembrance related to ...

Wiener Familienschicksale
Dieser Walk führt durch den 9. und 2. Wiener Gemeindebezirk und behandelt die Diskriminierung von jüdisch Verfolgten in Wien der späten 1930er, frü... Dieser Walk führt durch den 9. und 2. Wiener Gemeindebezirk und behandel...